МАГІЛЁЎСКІ СПА́СКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. ў Магілёве. Комплекс уключаў мураваныя будынкі ў стылі барока: Спаса-Праабражэнскую царкву, манастырскі корпус, агароджу з брамай і званіцай. З Магілёўскім архірэйскім палацам і Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкамі ўтвараў адзіны буйны горадабудаўнічы ансамбль. Драўляная Спаская царква вядома з 1478, у 1594 пабудавана новая, драўляная (згарэла ў 1709). З канца 15 ст. пры царкве існавалі драўляныя будынкі, дзе размяшчаліся манаскія келлі. Каля 1600 правасл. брацтва (вядома ў 1597) засн. пры манастыры школу. З 1618 да сярэдзіны 17 ст. манастыр пераходзіў да уніятаў, у 2-й пал. 17 ст. вернуты праваслаўным. У 1740—42 магілёўскі епіскап Іосіф Ваўчанскі пачаў будаваць мураваную Спаса-Праабражэнскую царкву. Буд-ва яе амаль завершана да 1748 пад кіраўніцтвам епіскапа Ераніма Ваўчанскага (згарэла ў 1748, засталіся муры і сцены). З 1756 буд-вам царквы кіраваў архіепіскап Г.Каніскі, у 1762 дабудаваў яе арх. І.К.Глаўбіц (да 1802 была кафедральным саборам). Царква ўяўляла сабой крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам. Над сяродкрыжжам на высокім светлавым 8-гранным барабане ўзвышаўся сферычны купал, завершаны галоўкай. Да глухіх граней барабана далучаліся 4 2-ярусныя вежачкі з невысокімі купаламі, якія разам стваралі 5-купальную кампазіцыю. Гал. фасад завяршалі 2-ярусныя вежы, паміж якімі быў высокі ступеньчатага абрысу франтон. Сцены фасадаў завяршаліся шырокім тонкапрафіляваным карнізам, рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі з дэкар. ляпнымі дэталямі, паміж аконнымі праёмамі — спараныя пілястры з дарычнымі капітэлямі. У інтэр’еры былі творы мясц. майстроў: жывапісца М.Пігарэвіча і чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). Царква разбурана ў Вял.Айч. вайну, пазней знесена, частка пабудоў захавалася. У 1785 завершана буд-ва мураванай агароджы з брамай і манастырскага корпуса. Г-падобны ў плане манастырскі корпус разам з агароджай абкружаў усю тэр. манастыра і ўтвараў трапецападобны ў плане ўнутр. дворык. Корпус складаўся з 2-павярховай часткі (дзе размяшчалася кансісторыя, захавалася) і 1-павярховага крыла (манаскія келлі, убудаваная царква, гасп. памяшканні, частка захавалася). Гал. фасад 2-павярховага корпуса аздоблены на ўсю вышыню пілястрамі і іанічнымі капітэлямі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з замковым каменем, падаконнымі прамавугольнымі нішамі. Фасады 1-павярховага крыла расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, міжаконнымі лапаткамі. У 1918 манастыр закрыты.
Т.І.Чарняўская.
Да арт.Магілёўскі Спаскі манастыр. Спаса-Праабражэнская царква.